Жыхары вёскі Новае Поле зладзiлi адкрыццё iнфармацыйна-гiстарычнага стэнда

Жыхары вёскі Новае Поле зладзiлi адкрыццё iнфармацыйна-гiстарычнага стэнда

Усталяваны інфармацыйны стэнд, які апавядае пра гісторыю вёскі Новае Поле.

Калі прадстаўнікі мясцовага супольніцтва манціравалі драўляны каркас, падмяталі, прыбіралі навапольскую плошчу, развешвалі каляровыя сцяжкі, увіхаліся з гасцінцамі-пачастункамі, навапольцы ціха шапталіся: зноў нешта будзе. І не памыліліся.

Суботні дзень 14 верасня 2019 года разбудзіў вёску прыемнай мітуснёй, вялікай колькасцю гасцей, беларускай аўтэнтычнай музыкай: адбылося чарговае  свята навапольцаў.

На гэты раз жыхары сабраліся разам з нагоды адкрыцця інфармацыйнага стэнда, які апавядае пра гісторыю вёскі Новае Поле. Як адзначыла пры адкрыцці стэнда Чарнавусава Ніна Іванаўна, крапатлівая работа цягнулася амаль год: жыхары працавалі ў архівах і бібліятэках, наведвалі музеі, адшуквалі цікавосткі, звярталіся да краязнаўцаў і навукоўцаў, спрачаліся ў пошуках ісціны.  Праца не прайшла дарэмна.

Стэнд “Вітаем у Новым Полі” распавядае пра мінулае і сучаснасць вёскі. А сказаць сапраўды ёсць пра што. Узгадваюцца першыя звесткі, былыя гаспадары,  асаблівае месца нададзена апошняму ўладальніку сядзібы Гераніму Друцкаму-Любецкаму і яго нашчадкам. Праект стаў магчымым пры  iнфармацыйнай падтрымцы грамадскай арганiзацыi «Будзьма Беларусамi» , Гаранскага сельсавета i дзякуючы працы самiх навапольцаў. Гэта не першы вопыт сумеснай плённай дзейнасці.

На свяце прысутнiчала мноства шаноўных гасцей.

Т. М. Кароткая, ураджэнка в. Чаромухі,  прамовiла на свяце, што адкрыццё  стэнда – акт гістарычнай справядлівасці, бо ў публічную прастору вяртаецца імя апошняга ўладальніка сядзібы ў Новым Полі – Гераніма Друцкага-Любецкага. Дзейнасць гэтага неардынарнага чалавека шмат у чым прадвызначыла развіццё вёскі на многія дзесяцігоддзі. Так, у пасляваенныя гады сядзіба князя з яе багатай інфраструктурай забяспечыла паўнавартаснае функцыянаванне тэхнікума (цяпер – каледж), дзе рыхтавалі і рыхтуюць спецыялістаў для сельскай гаспадаркі краіны. Вось чаму мы павінны аддаць належнае памяці гэтага чалавека, матэрыяльная спадчына якога да гэтага часу працуе на нашу эканоміку, а эстэтычныя вартасці яго сядзібы абумовілі ўключэнне яе ў спіс гісторыка-культурных  каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Адметна, што грамадская ініцыятыва па ўсталяванні ў вёсцы стэнда рэалізавана напярэдадні сотых угодкаў з дня смерці Гераніма Друцкага-Любецкага.

Таленавітая мастачка Паўла Кароткая стварыла паштоўкі з выявамі маёнтка, партрэтамі Г. Друцкага-Любецкага і яго дзяцей: Канстанціна, Крысціны. У якасці падарунка камплект з 7 паштовак атрымалі актывісты Новага Поля, а таксама ўдзельнікі гістарычнай віктарыны. На свяце можна было набыць маркі і адразу ж адправіць “паштовага галубка” адрасату.

Мясцовая жыхарка Лабзанюк А. В. устанавіла кантакт з дзецьмі Канстанціна, падтрымлівае з імі стасункі, запрасіла на ўрачыстасць. На жаль, на свята не атрымалася прыехаць, але паабяцалі ў  бліжэйшы час. Дачка Канстанцiна Друцкага-Любецкага Тарэза Дангель мае двух сыноў — Паўла i Томаша. Абодва — яркія выбітныя асобы. Павел Дангель, як і прадзед Геранім, вылучаецца разнастайнасцю заняткаў і інтарэсаў — вядомы бiзнесовец i менэджар, на сённяшні дзень ён узначальвае тэатр у Варшаве, напicаў кнiгу “Zawsze wzwyż nigdy w dół” (Заўсёды ўверх і ніколі ўніз), мае шэраг аўтарскіх прац па эканоміцы. Томаш  Дангель  — вядомы польскі ўрач, доктар медыцынскіх навук, грамадскі актывіст, стваральнік Варшаўскага фонду хоспіса для дзяцей.

Табола Г. І., настаўнік гісторыі ДУА “ВПК яслі-сад-сярэдняя школа в. Новае Поле”: “Наша ўстанова адукацыі рэалізуе педагагічны праект абласнога падпарадкавання “Развіццё пошукава-даследчых метадаў навучання праз вывучэнне малой радзімы ў адукацыйным працэсе”. Прыемна, што дзеці і падлеткі адчуваюць патрэбу ў пошукавай дзейнасці, супольных справах разам з дарослымі. Асабліва шмат іх сёння на свяце —  гэта радуе і дае надзею: працяг у гэтай справе будзе!”

І сёння навучэнцы прадставілі сямейныя рэліквіі на выставе “Пакажы і раскажы, чым цікавая твая сям’я”. Сям’я Ткачовых да прадзедавай вышыванкі знайшла жаночы экзэмпляр. “Ужо – пара, а, значыць, гармонія”, — кажа гаспадар, апрануты ў каларытны беларускі касцюм. Жонка Алена і сын Павел наперабой прапануюць фотаздымкі стогадовай даўніны і такія ж па ўзросту нажніцы, які прадзед Макар прывёз з Германіі, вяртаючыся з нямецкага палону ў 1918 годзе. Равінскі Мацвей прадставіў калекцыю старадаўніх манет, Ермакова Ульяна – медныя лыжкі і скрыпку, на якой граў яе пра-пра-прадзядуля, Цецеранкевіч Арцем – грамату-падзяку, якую атрымаў яго дзядуля за ўдзел у ліквідацыі наступстваў выбуху на Чарнобыльскай АЭС у 1986 годдзе.

Ва ўрачыстасцях прыняла ўдзел беларуская мастачка, знакаміты майстар габеленаў Вольга Дзёмкіна, якая доўгі час пражывала ў в. Новае Поле, а якая зараз жыве і працуе ў Францыі. Яе прамова з пасылам ўдзельнікам свята заўсёды заставацца Беларусамі з вялікай літары, дзе б яны ні былі, чым бы ні займаліся, мела вялікае выхаваўчае значэнне, асабліва для дзяцей і моладзі.

У. Церашчук, мясцовы мастак, стварыў карту Новага Поля і наваколля. Разам з жонкай Ларысай нанеслі жартаўлівыя назвы сцежак і далін, крыніц і камянёў, палянак і ўзлескаў.

Гучала беларуская музыка, майстар-клас па навучанню народным танцам ладзіла Святлана Чакушка,  актыўны гандаль дамашнімі прысмакамі чаргаваўся з пачастункамі ад навапольцаў.

Мінулае і сучаснасць цесна перапляліся на свяце. Гэта не проста памяць, а памяць дзейсная, жывая, дальнабачная.

Аўтар: Галіна Табола

Подписаться
Уведомление о
0 комментариев
Inline Feedbacks
View all comments