Азёры, паганскія помнікі і сівыя легенды: «дзікая» Лепельшчына за адзін дзень

Азёры, паганскія помнікі і сівыя легенды: «дзікая» Лепельшчына за адзін дзень

Безумоўна, назваць Лепельшчыну з яе добра распрацаванымі турыстычнымі маршрутамі «дзікай» – гэта мастацкае перабольшванне.

Але нешта ёсць такое ў гэтым краі, у яго дзівоснай прыродзе з шматлікімі азёрамі, лугамі, лясамі і багнамі, у дзеючых паганскіх помніках, у мясцовых норавах, дзе хрысціянства жыве побач з забабонамі, — што робіць эпітэт «дзікая» у дачыненні да Лепельшчыны дарэчы.

Хаця паганскі складнік у Лепельскіх турыстычных маршрутах я б назвала элегантным. Не ў апошнюю чаргу дзякуючы каардынатарцы мясцовага зялёнага маршрута Вользе Маханенка.

Вольга паспрыяла славе мясцовага цмока і зарганізавала адпаведны фестываль, які цягам пяці год адбываўся ў Лепелі, аднавіла і падаравала сучаснікам абрад «Жаніцьба Цярэшкі», прыдумала маршруты, у якіх гістарычныя помнікі спалучаюцца з дзікай прыродай, і шмат яшчэ чым адзначылася ў турыстычным жыцці Лепельшчыны.

За адзін дзень, тым больш – такі спякотны, як зараз – прайсці – праехаць – агледзець увесь маршрут «Край жоўтых гарлачыкаў i ciвых валуноў» немагчыма. Мы зачапілі толькі кавалак, але ўражанні моцныя.

Дарэчы, зялёны маршрут «Край жоўтых гарлачыкаў i ciвых валуноў» — адзін з першых такіх маршрутаў, распрацаваных ў Беларусі. Падрабязная інфармацыя аб ім ёсць на сайтах розных міжнародных арганізацый, дадзеныя аб маршруце таксама ўтрымоўваюцца ў турыстычнай энцыклапедыі нашай краіны. Сухая інфармацыя сведчыць, што маршрут адрасаваны аматарам беларускай традыцыйнай этнаграфіі і фальклора, а таксама – любіцелям актыўнага адпачынку.

Маршрут можна прайсці пешшу, альбо – на роварах, частка экскурсіі можа пралягаць па азёрах. Мы, шчыра кажучы, ездзілі на аўто. Дарогі даволі добрыя, але не ўсюды ёсць асфальт, грунтоўка дзе-нідзе з пытаннямі, таму пажадана машына ўнедарожнік.

Першы пункт агляду – Лепель, які ёсць Стары і Новы. Горад знаходзіцца на беразе возера Лепельскае, праз горад цякуць рэчкі Ула і Эса. Калісьці лепельскія землі ўваходзілі ў склад Полацкага княства, затым – Вялікага Княства Літоўскага.

У 1586 годдзе гэтую зямлю набыў канцлер ВКЛ Леў Сапега і перанёс замак, каталіцкую і праваслаўную царквы на другі бераг. З тых часоў старадаўні Лепель стаў проста вёскай і называецца Стары Лепель, а новаё жыццё мястэчка звязанае з Новым Лепелем.

Назва гарадка паходзіць ці то ад беларускага слова «лепей», ці то ад латышскага «лепе» (жоўтыя гарлачыкі), у любым разе – прыгожая назва, мілагучная і рамантычная.

Адна з візітных картак горада – касцёл Святога Казіміра, пабудаваны па загаду Льва Сапегі. Храм неаднаразова быў парушаны, і зараз мы бачым яго ў тым выглядзе, які ён прыняў у 1876 годдзе.

На беразе возера прытуліліся знакамітыя скульптуры – Русалачка і Цмок.

Фантастычны Цмок з’явіўся на беразе Лепельскага возера ў верасні 2013 года, дзякуючы мясцоваму краязнаўцу Уладзіміру Шушкевічу. Наш беларускі Цмок – гэта зусім не аналаг і не сваяк шатландскай Лах-Нэскай пачвары. Наш звязаны з гісторыяй ВКЛ і з’явіўся ў лепельскіх гарадскіх хроніках дзякуючы Уладзіміру Караткевічу і яго «Евангеллю ад Іуды» — знакаміты раман «Хрыстос прызямліўся ў Гародні». Скульптар Леў Аганаў лагічна змясціў бессмяротную кнігу каля ног абаяльнай пачваркі.

«Выглядам той цмок быў, як звер фока (цюлень), такі самы льсняны, у складках, толькі без поўсці. І шэры, як фока. Але даўжэй за яго куды. Бо даўжыні ў ім было сем з паловай лагожаскіх (лагойскіх) сажняў, а калі пацікавіцца немец, то восем і адна пятая фадэна, а калі, можа, ангелец, то сорак дзевяць футаў і яшчэ дваццаць два дзюймы. Тулава мелі тыя цмокі шырокае і трохі пляскатае, і мелі яны плаўнікі – не такія, як у рыбы, а такія таксама, як у фокі, таўстамясыя, шырокія, але не дужа доўгія. Шыю мелі, па тулаву, дык тонкую і надта доўгую. А на шыі сядзела галава, адначасова падобная і на галаву змяі і на галаву лані. І, дальбог, смяялася тая галава. Мо проста зубы скаліла, а мо – з нашых бедаў. І зубы былі велічынёй з конскія, але вострыя, і многа іх было на такую галаву аж данельга. Вочы вялізныя, як сподкі, каламутна-сінія ў зелень, ашклянелыя. І страшна было глядзець у тыя вочы, і мурашкі па спіне, нібы Евінага змія ўбачыў, і непамысна неяк, і нібы ў чымсьці вінаваты».

Караткевіч дакладна перадаў паччуці, якія і сёння адчуваеш ад сустрэчы з лепельскім брэндам. Шкада, што фэст «У госці да Лепельскага цмока» зараз перайменаваны і перанесены ў Бярэзінскі запаведнік. Усё ж – дзе радзіўся, там і прыгадзіўся.

Безумоўна, самымі моцнымі прыроднымі «фішкамі» рэгіёну з’яўляюцца шматлікія лепельскія азёры. Ціхая празрыстая вада, гарлачыкі, ліліі, качкі. На тэрыторыі раёна знаходзіцца каля 140 азёр, самае вялікае – Лепельскае, дліна берагавой лініі – 40 км.

Цікавы прыродны аб’ект – «Цар-дуб», які расце ў вёсцы Тадуліна. Высата волата – 26 метраў, узрост – каля 400 гадоў. Дуб ахоўваецца дзяржавай, бачна, што крона ўзмоцненая, і навокал чыста, альтанка, пакошаная трава, утульна. Турысты пакідаюць запіскі, пажаданні, чапляюць стужкі розных колераў і ўпрыгожванні.

Далей па маршруце – паганскія пункты – загадкавыя і прывабныя сваёй таямнічасцю.

Каменныя паганскія сімвалы знаходзяцца прама пасярод распаханай гары каля старога Лепеля. Дайсці да іх – той яшчэ квэст. З дарогі цікавостка не бачная, трэба праваднік. Потым – па высокаму збожжу. І раптам – бачыш старадаўні ахвярнік. Некаторыя называюць каменныя выявы крыжамі, але хутчэй гэта ўсё ж так званыя паганскія «бабы» – ахвярнік.

Калісці рарытэты ляжалі ў кустах, звезеныя сюды меліяратарамі. У 2003-м лепельскія краязнаўцы менавіта такім парадкам – як ахвярнік – усталявалі каменныя глыбы. І такое адчуванне, што паганскія абрады, негледзячы ні на што, ідуць у гэтых месцах і зараз. Ва ўсякім разе, мы бачылі вогнішча і адчувалася прысутнасць нечага таямнічага.

Яшчэ адзін загадкавы аб’ект – агромністы камень-ахвярнік у вёсцы Таронкавічы, дліна камяня – 4 метра, вышыня над зямлёй – 3-4 метра, але, кажуць, што ў зямлі каменная глыба залягае яшчэ на некалькі дзесяткаў метраў. Ці можа так быць насамрэч? Цяжка нават гэта ўявіць.

Па цэнтру магутнага камяня – жолаб для сцякання крыві ахвяры. Камень пасярод луга ўражвае. Побач знаходзіцца сучасная вёска, але ёсць пачуццё іншага часу, і адчуванне іншай, дахрысцыянскай, культуры не пакідае. Такое сутыкненне з прыродай, яе моцаю і старажытнымі звычаямі магчыма толькі ў гэткіх месцах, як Лепельшчына.

У вёсцы Двор-Таронкавічі знаходзіцца помнік архітэктуры — панскі бровар 19 стагоддзя. У якім ён стане — добра бачна на фатаграфіях.

Калісьці тут варылі спірт. Збудаваны бровар з тёсаных камянёў. За саветамі спіртзавод спыніў працу. У гэты момант спірт, які заставаўся, злілі ў пруд, які месціцца побач. Легенда кажа, что мясцовыя мужыкі вёдрамі забіралі вадкасць з пруду і пілі. Быццам бы пьянка доўжылася каля тыдня. Цяжка сказаць, так ці не, але нешта, відавочна, было, калі некалькі пакаленняў мясцовых жыхароў апавядаюць турыстам гэтую цікавую байку.

Таксама цікава пабываць на сялянскай гаспадарцы  «Люкжына», якая развіваецца па старабеларускім звычаям. Менавіта тут Вольга Маханенка і паплечнікі праводзяць знакаміты абрад “Жаніцьба Цярэшкі». Каларыт гэтых месцаў, цішыня, утульнасць, прыродная непасрэднасць і неверагодная прыгажосць захапляюць.

І гэта толькі частка маршруту, які праходзіць па турыстычнай Лепельшчыне. Есць яшчэ старое гарадзішча балцкіх плямёнаў І — ІV стагоддзяў на выспе Лепельскага возера, дрэва шчасця і месцы, дзе жывуць серыя чаплі каля вёскі Окана, «Змееў камень» у вёсцы Гогалеўка, крынічка Красналучка і шмат іншага.

Даехаць да Лепеля з Мінска вельмі проста. Горад месціцца недалёка ад трасы Мінск-Віцебск. Адлегласць ад сталіцы – 155 км.

Аўтар дзякуе Вользе Маханенка за дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыяла.

Подписаться
Уведомление о
0 комментариев
Inline Feedbacks
View all comments