Мерапрыемства адбылася 14 лютага.
У ім прынялі ўдзел экскурсаводы, краязнаўцы, фатографы і журналісты з Мінска, Пінска, Гродна, Драгічына, жыхары Іванава і Варацэвіч.
Ідэя фотальбома “Беларусь. Погляд праз стагоддзі” нарадзілася ў Сяргея Плыткевіча некалькі гадоў таму, але спатрэбіўся пэўны час, каб яна была рэалізавана.

Для фотаальбома патрабаваўся вельмі грунтоўны тэкст. Зрабіць яго выдавецтва “Рыфтур” прапанавала пінскаму экскурсаводу і краязнаўцы Таццяне Хвагінай. І Таццяна Аркадзьеўна выканала сваю работу на выдатна. Яна прааналізавала творчасць Напалеона Орды, распавяла пра яго жыццёвы шлях, разам з Сяргеем Плыткевічам выбрала тыя архітэктурныя помнікі або мясціны, якія ўвайшлі ў кнігу.

Мінулым летам кніга пабачыла свет.
Для папулярызацыі выдання Сяргей Плыткевіч вырашыў зрабіць фотавыставу з такой жа назвай. У першай палове лістапада яна адбылася ў галерэі “Універсітэт культуры” Палаца Рэспублікі, а 14 лютага накіравалася ў музейны комплекс імя Напалеона Орды ў Варацэвічы.
На адкрыцці прагучала многа цікавых звестак пра мастака, выступалі Таццяна Хвагіна, Сяргей Плыткевіч і дырэктар музея Вольга Краўчук.
А потым была экскурсія па музеі, якую правяла Ларыса Георгіеўна Дрычыц. Яна вельмі цікава расказвала пра жыццё і дзейнасць Напалеона Орды:

– Гэта вялікая асоба, я заўсёды акцэнтую і стаўлю ў яго адрас тры галоўныя клічнікі. Першае – гэта багацце генетыкі. Чалавек захаваў для нас у малюнках 1198 аб’ектаў, але ён не заканчваў ніякіх мастацкіх інстытутаў. Ён скончыў толькі курсы жывапісу. Напісаў 50 музычных твораў, падручнік па тэорыі гармоніі музыкі. У гімназіі, сярод трохсот навучэнцаў, Напалеон вылучаецца ў дзесятцы найдужэйшых. Самі разумееце, што такое тады вучань гімназіі! Напалеон лёгка паступае на фізіка-матэматычны факультэт універсітэта, у яго была выдатная генетыка, якая выявілася ва ўсіх яго дасягненнях. Другое, а хутчэй за ўсё, гэта першае, – яго патрыятызм. Адказ на спрадвечныя пытанні «навошта я прыйшоў на гэту зямлю?», «што я на ёй зраблю?» – рухаў усімі яго ўчынкамі. Непахісны аўтарытэт для яго – дзед па маці Мацей Бутрымовіч. Таму, калі мы кажам пра Напалеона Орду, пра Пінск, Іванава, яны працуюць у адной звязцы. Дзед пісаў пра сабе: «Усё, што ў мяне застаецца, жыццё і патрэбы маёй сям’і, я ўкладаю ў дарогі і будынкі». Так, ён будаваў каналы, а таксама свой палац, які і сёння жыве і служыць людзям. Сам Напалеон Орда, калі ў 1856 годзе вяртаецца з Парыжа дахаты, піша ліст свайму сябру са справаздачай, што ён рабіў апошнія 30 гадоў, і ў гэтым лісце гучыць клятва Напалеона Орды: «Вярнуся на маю Радзіму, так дарагую майму сэрцу. Хачу замаляваць рэшткі былой цывілізацыі, акрамя мяне ніхто гэтага не зробіць!» Ну і трэцяе – гэта душа. Той жа Шапэн, з якім Орда сустракаецца ў Парыжы – Шапэну дзевятнадцаць гадоў, Ордзе двадцаць два. Шапэн цягам двадцаці гадоў вельмі цяжка хварэў, і тым сяброўскім плячом, якое поруч з Шапэнам, будзе Напалеон. А яшчэ Орда сябраваў з Тургеневым, Міцкевічам і іншымі геніямі яго сучаснасці.
Таццяна Хвагіна падхоплівае:
– Гэта пакаленне тых людзей, якім Бог даў такі энцыклапедычны дар, што яны маглі адначасова займацца рознымі справамі. І ў кожнай справе дасягаць вышынь. Можна ж было заняцца чымсьці адным – і стаць на пастаменце, а можна не будаваць сабе таго пастаменту, не прагнуць яго. Можна працаваць у розных накірунках на карысць тым людзям, хто жыве, і тым, якія яшчэ народзяцца. Мы, у Пінску, не забываем яго, таму што ў нас ёсць палац і школа імя Наполеона Орды – і мы маем цудоўную магчымаць расказваць пра Орду ў нашых эскурсіях. Гэта быў шчыры чалавек! Глядзіце: Орда сам мае сціплы заробак, але дапамагае Міцкевічу, служыць акампаніятарам у яго вершаваных імправізацыях. Калі мы, экскурсаводы, распавядаем пра Міцкевича, то абавязкова ўзгадаем Орду, калі паедзем да якога-небудзь архітэктурнага помніка, Мірскага замка ці Нясвіжскага або трапім у Пружаны ці куды далей, то відавочна ўзгадаем Орду, таму што ён намаляваў усё гэта. Ён захаваў для нас галоўнае – памяць!
Адноўлены фальварак Напалеона Орды ва ўрочышчы Чырвоны Двор, які прымаў экскурсантаў, таксама ўразіў дэталёвым апавяданнем пра побыт шляхты, у тым ліку сям’і Ордаў. Ён варты асобнага аповеду!

Лагічным працягам было наведванне касцёла Узвышэння Святога Крыжа ў Іванаве з гісторыямі аб святым Андрэі Баболі, санктуарыем якого з’яўляецца гэты касцёл.

У касцёле захоўваецца драўляны крыж, выразаны рукамі Напалеона Орды, а постаць Хрыста зрабіла яго пляменніца скульптарка Хелена Скірмунт.
Потым было наведванне сядзібна-паркавага комплексу ў Дубае.

Ад сядзібы, якую маляваў Напалеон Орда, нічога не засталося, але захавалася капліца, у якой Таццяна Аркадзьеўна распавяла пра гісторыю гэтых мясцін.

У горадзе Іванава экскурсаводы і фатографы усклалі кветкі на магілу Напалеона Орды.

Вечарам госці з Мінска наведалі пінскі касцёл Унебаўзяцця Панны Марыі.

А на наступны дзень адбылася пешаходная экскурсія па старым горадзе.

Арганізатары мерапрыемства плануюць арганізаваць экскурсію і яшчэ раз праехаць па мясцінах Напалеона Орды.

